ТРАЕ́ЦКІЯ ПЕ́СНІ, сёмушныя песні,
песні веснавога цыкла каляндарна-абрадавай паэзіі, што спяваліся на Сёмуху (Тройцу), для якой характэрны культ расліннасці. Вядомы слав. народам, у т. л. беларусам. Вылучаюцца песні, цесна звязаныя з абрадавымі дзеяннямі і т.зв. прымеркаваныя (сувязі якіх з абрадамі цяжка вызначыць). Сярод абрадавых вылучаюцца некалькі груп песень: з матывамі ўслаўлення зеляніны (часцей бярозы); пры завіванні вянкоў; кумлення; любоўнай тэматыкі (пра каханне, выбар пары, замужжа, любоўную варажбу). У многіх Т.п. вобразы раслін, дрэў персаніфікаваныя. Асабліва распаўсюджаны ў абрадах і песнях персаніфікаваны вобраз бярозы. Яна была важным абрадавым атрыбутам (да яе ішлі ў лес, галінкі неслі ў хату), у песнях яна адыгрывала ролю распараджальніцы свята, пад бярозай праходзіў абрад кумлення, з яе галінак плялі вянкі «на годы добрыя, на жыта густое, на ячмень каласісты», па вянках дзяўчаты варажылі пра свой лёс і г.д. Паступова траецкія святы ператварыліся ў маляўнічую гульню моладзі, а самі песні страцілі строгую прымеркаванасць да абраду. У наш час бытуюць у асн. на Палессі. Лакальная разнавіднасць Т.п. — куставыя песні.
Публ.:
Веснавыя песні. Мн., 1979.
Літ.:
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских. украинцев и белорусов, XIX — начало ХХ в. М., 1979;
Барташэвіч Г.А. Беларуская народная паэзія веснавога цыкла і славянская фальклорная традыцыя. Мн., 1985.
Г.А.Барташэвіч.
т. 15, с. 498
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)